БІ́ТВА ЗА АТЛА́НТЫКУ 1939—45,
барацьба Вялікабрытаніі і ЗША супраць фаш. Германіі і Італіі за камунікацыі ў Атлантычным акіяне, Міжземным, Нарвежскім, Паўночным і інш. морах у час 2-й сусв. вайны. Германія разлічвала, што дзеянні яе падводных лодак, надводных караблёў і самалётаў перарвуць жыццёва важныя для Вялікабрытаніі камунікацыі ў Атлантыцы і прымусяць яе выйсці з вайны. Вялікабрытанія і ЗША імкнуліся абараніць свае водныя камунікацыі і дасягнуць перавагі на атлантычным тэатры ваен. дзеянняў. У вер. 1939 — чэрв. 1941 у баях удзельнічалі з абодвух бакоў нязначныя сілы. Аднак атакі нават малой колькасці ням. падлодак былі эфектыўныя, бо процілодачныя сістэмы саюзнікаў аказаліся недастаткова падрыхтаваныя. У ліп. 1941 — сак. 1943 асн. сілы ням. авіяцыі і надводных караблёў дзейнічалі супраць СССР. Цяжкія страты вермахта на сав.-герм. фронце паспрыялі саюзнікам, яны значна ўмацавалі свае сілы (у сак. 1943 мелі каля 3000 караблёў і 2700 самалётаў супраць 100—130 ням. падлодак) і нанеслі праціўніку значныя страты. Гэтыя абставіны, а таксама выхад з вайны Італіі ў вер. 1943, высадка саюзнікаў у Паўн. Францыі ў чэрв. 1944, колькасны і якасны рост сіл і сродкаў іх процілодачнай абароны рэзка зменшылі эфектыўнасць дзеянняў ням. падлодак у 1943—45. Агульныя страты саюзных і нейтральных дзяржаў у бітве за Атлантыку склалі 4245 транспартаў. Германія і Італія страцілі 705 караблёў і 81 падлодку. Яны не здолелі парушыць камунікацыі Вялікабрытаніі і ЗША у Атлантыцы і нанеслі адчувальныя страты іх ваен.-эканам. Патэнцыялу.
т. 3, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)